Праект Scholars for Belarus by akno e.V. з’явіўся ў адказ на cтруктурныя змены і выклікі для сусветнай грамадзянскай супольнасці. Пандэмія COVID-19, пратэсты і масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, расейскае паўнамаштабнае ўварванне ва Ўкраіну, пагрозы дэмакратыі і міграцыйныя крызісы патрабуюць новых стратэгій пераадолення цяжкасцяў і асэнсавання бягучага становішча Беларусі і беларускай супольнасці ў свеце. Гэты кантэкст вызначае нашую мэту – падтрымка беларускіх навукоўцаў у стварэнні ўстойлівых інстытутаў навуковай і грамадскай думкі, здольных да хуткай адаптацыі.
Праз стымуляванне прафесійнага развіцця, умацоўванне супрацоўніцтва і павышэнне бачнасці даследаванняў пра Беларусь, Scholars for Belarus імкнецца забяспечыць устойлівую сувязь паміж навукоўцамі і грамадствам, якое патрабуе актуальных ведаў і экспертызы, спецыфічнай для дысперснай беларускай супольнасці.
Мы перакананыя, што свабодны доступ да адукацыі і навукі з’яўляецца асноватворным элементам грамадзянскай супольнасці, асабліва ў перыяды вымушанай міграцыі і нявызначанай будучыні.